Ніхто іх не бачыў. Жывуць яны ў старадаўніх павер’ях ды ў чарадзейных казках. Але гэта такія адметныя і непаўторныя вобразы, што без іх немагчыма ўявіць зямное жыццё нашых продкаў.
Палявік – гаспадар поля. Ясных абрысаў твару і постаці ў яго няма. Толькі нешта падобнае на цень ад чалавека-велікана. Гэтым сваім абліччам і моцным свістам у непагадзь ён палохаў людзей, скручваў і прыбіваў да зямлі збажыну. Калі хто знаходзіў на сваім полі залом – пук зблытаных і зламаных жытніх сцяблін, ён спяшаўся перахрысціцца. Лічылі, што залом робіць палявік, каб наклікаць бяду.
У дзяцінстве я, грыбнік, не раз блытаўся ў знаёмым лесе. Мама казала пасля, што няйначай лесавік збіў мяне з тропу – кружыў на адным месцы, як чужога. Лесавік, або лясун, – гэта лясны дух, гаспадар лесу і звяроў. Стары чалавек у звярынай скуры. Высокі, у рост дрэва, з белым, як бяроста, тварам і вялікімі вачыма. Яго таксама стараліся задобрыць: пакідалі на лясных прасеках і сцежках лустачку хлеба з соллю, скрылік сала ці мяса. Спадзяваліся, лесавік пакажа ягадныя і грыбныя мясціны, нагоніць на паляўнічых звяроў і птушак, падкажа пчалярам, дзе лепей ставіць вуллі-калоды, каб болей мёду сабраць.

А цяпер уявіце яшчэ аднаго старога чалавека. Цела яго аблытана водарасцямі і цінаю. Доўгія валасы на галаве і барада – зялёныя. Рысы твару не выразныя, а расплываюцца, як адбітак у вадзе, калі яе патрывожыць канцом вудзільна. Гэта вадзянік – уладар рэчак, азёр, сажалак і ўсяго жывога ў іх. Хаваўся ён, лічылі, у глыбокіх вірах, каля вадзяных млыноў. Мог зацягнуць на дно чалавека ці жывёлу, разбурыць мост, украсці лодку, папсаваць рыбацкія снасці.
1. Прачытайце байку Уладзіміра Правасуда "Вадзянік і Лесавік" на старонках 63-65.
2. Складзіце па змесце байкі некалькі пытанняў, якія будуць пачынацца са слоў хто, чаму, дзе, як.
Запішыце пытанні на лістку.
(Фота высылайце мне).
Дзякуй за работу!